Лідскі замак быў пабудаваны ў тыя цяжкія часы, калі наступленне крыжакоў на беларускія і літоўскія землі дасягнула найбольшай сілы. Каб заступіць рыцарам шлях на землі Вялікага Княства Літоўскага, вялікі князь Гедымін у 1323 годзе загадаў пабудаваць у Лідзе каменны замак. У той час супрацьстаяць націску крыжакоў маглі толькі тыя абарончыя збудаванні, якія адпавядалі тактыцы аблогі войскаў, узброеных першакласнай на той момант аблогавай тэхнікай. З канца XIII ст. узводзяцца на тэрыторыі ВКЛ замкі-кастэлі, пабудаваныя ў цяжкадаступных месцах, чатырохкутнай формы, часцей за ўсё з 1-2 вежамі. Яны мелі ўмацаваныя сцены, акружаныя валамі і равамі.
Лідскі замак пабудаваны на штучным насыпе на зліцці рэк Лідзейкі і Каменкі. У плане нагадвае трапецыю са сценамі таўшчынёй 2 метры ўнізе і 1,5 метры ўверсе. Першапачаткова была ўзведзена толькі адна вежа (паўднёва-заходняя). На загад вялікага князя літоўскага Вітаўта ў канцы XIV - пачатку XV ст. па дыяганалі была пабудавана другая вежа (паўночна-ўсходняя) з мэтай вядзення гарматнага бою. Для будаўніцтва замка ў асноўным выкарыстоўваўся камень. Цэгла - толькі для галоўных канструктыўных элементаў і архітэктурных дэталяў.
За шматвяковую гісторыю Лідскага замка адны падзеі змяняліся іншымі. У XIV ст. яго сцены не раз вытрымлівалі націск крыжакоў. Войны сярэдзіны XVII - пачатку XVIII ст. таксама не абмінулі Ліду. Улетку 1659 г. замак быў абложаны 30-тысячным маскоўскім войскам. У пачатку XVIII ст., у перыяд Паўночнай вайны, замак моцна пацярпеў ад шведскіх войскаў. Былі ўзарваныя абедзве вежы, і крэпасць канчаткова страціла сваё абарончае значэнне.
Рэстаўрацыйныя работы распачаліся ў 1978 г. З 2012 па 2016 гады была праведзена поўная рэканструкцыя Лідскага замка XIV ст. Археалагічныя даследаванні Лідскага замка праводзілі М. А. Ткачоў (1970), А. А. Трусаў (1977-1978, 1980, 1985), А. К. Краўцэвіч (1986-1987). Былі знойдзены вырабы з металу (падкоўкі ад рыцарскіх ботаў, конскія падковы, нажы, крэсіва, нажніцы, ключы, замкі, наканечнікі стрэл і арбалетных балтоў), фрагменты шклянога і керамічнага посуду (рынкі, гаршкі, збаны, шклянкі, кубкі, талеркі), розныя кафлі, каменныя ядры, вырабы з косці, срэбраныя і медныя манеты і іншае.
Сёння ў замку праходзяць канцэрты, фестывалі і рыцарскія турніры. Турыстам прапануюцца анімацыйныя, інтэрактыўныя праграмы, музейна-педагагічныя заняткі, экскурсія “Замак Гедыміна - помнік архітэктуры XIV стагоддзя”.