Анлайн версія аўдыягіда "Лідскі замак"
Вітрына з мячом і кінжалам

, lida-zamak.krokam.by

У 1977 годзе ў ваколіцах Ліды падчас меліярацыйных работ быў знойдзены кароткі лёгкі меч –
корд. Датуецца ён другой паловай XV стагоддзя. На яго лязе ёсць два кляйма: “пасаўскі воўк” і крыж на дузе. Хутчэй за ўсё меч выраблены ў Германіі, бо такімі знакамі, як “пасаўскі воўк”, пазначалася ў тыя часы зброя, вырабленая ў нямецкіх гарадах. Корд, або цясак, мае даўжыню каля 100 сантыметраў, клінок просты, з гранню і характэрным ножападобным афармленнем слаба выгнутага вастрыя, даўжынёй 87 сантыметраў. Крыжавіна простая, мячовая, рукаяць нажовая, з накладкамі.
Недалёка ад замка ў 70-я гады ХХ стагоддзя мясцовы жыхар на сваім агародзе адкапаў каваны кінжал. Ён выкананы ў выглядзе паласы, сіметрычна звужанай па абодвух канцах і падзеленай кароткімі крыжавінападобнымі выступамі на рукаяткавую і клінковую часткі. Агульная даўжыня кінжала 43 сантыметры, клінка – каля 30 сантыметраў. Круглая адтуліна для скуранога раменьчыка ў верхняй частцы рукаяткі сведчыць аб тым, што насілі яго на рамяні.