Анлайн версія аўдыягіда "Лідскі замак"
Інфармацыя пра музейныя прадметы ўздоўж заходняй сцяны

, lida-zamak.krokam.by

Рэканструкцыя халоднай зброі, характэрнай для эпохі Сярэдніх вякоў: кап’ё, алебарда, лук і стрэлы, арбалет, баявыя сякеры.
Алебарда – дрэўкавая халодная зброя даўжынёй да 2,5 метраў з камбінаваным наканечнікам, які складаецца з ігольчатага (круглага або кантаванага) капійнага вастрыя і клінка баявой сякеры з вострым абухом. Алебарда знаходзілася на ўзбраенні пяхоты шэрагу еўрапейскіх дзяржаваў з XIII па XVII стагоддзе, атрымаўшы найбольшае распаўсюджанне ў XV – XVI стагоддзях як эфектыўная зброя супраць добра абароненай кавалерыі. У Беларусі алебарда мела найбольшае распаўсюджванне ў XV – XVIII стагоддзях.
Арбалет або самастрэл – баявая кідальная зброя, якая ўяўляе сабой лук, абсталяваны механізмамі ўзвядзення і спуску цецівы. Арбалет, як правіла, пераўзыходзіў звычайны лук па дакладнасці стральбы і паражальнай сіле, але, за рэдкім выключэннем, ён моцна прайграваў луку па хуткастрэльнасці і далёкастрэльнасці. Папулярнасці арбалета спрыяла тое, што для навучання стральбе з яго патрабавалася нашмат менш часу ў параўнанні з навучаннем мастацтву стральбы з лука. У Беларусі арбалет вядомы з XIII стагоддзя і да канца XVI стагоддзя як баявая зброя, а да канца XVIII стагоддзя – як паляўнічая. У XIV – XV стагоддзях арбалет – галоўная кідальная зброя пяхоты.
Кап’ё – кідальная, колючая або колюча-сякучая дрэўкавая халодная зброя. Коп’і бываюць двух відаў: кідальныя і для блізкага бою. Звычайнае кап’ё складалася з дрэўка, даўжыня якога магла быць ад 1,5 да 4 метраў, і металічнага наканечніка, форма якога можа быць самай разнастайнай.
Лук – кідальная зброя, прызначаная для стральбы стрэламі, адзін з самых старажытных відаў зброі. На тэрыторыі сярэднявечнай Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, з XVI стагоддзя у асноўным выкарыстоўвалі рэфлексіўны лук, драўляная аснова якога ў даўжыню складае каля 140 сантыметраў. Лук лічыўся адным з найболей папулярных і даступных відаў зброі.