Анлайн версія аўдыягіда "Лідскі замак"
Вітрына з прадметамі быту

, lida-zamak.krokam.by

Усе прадметы былі знойдзены падчас археалагічных даследаванняў у Лідскім замку.
Люлька курыльная – прыстасаванне, якое складаецца з муштука і ёмістасці для тытуню. Пасля адкрыцця Амерыкі ў канцы XV стагоддзя люлька разам з тытунём патрапіла ў Еўропу.
Вытворчасць люлек у Еўропе была заснаваная ў Англіі прыкладна з 1570 года. Да сярэдзіны XVII стагоддзя іх вытворчасць распаўсюдзілася на Галандыю, а таксама Германію і Швецыю.
Люлькі на тэрыторыі Беларусі выраблялі пачынаючы з XVII стагоддзя.
Аб гандлёвых сувязях у горадзе можна меркаваць па знойдзеных замежных прадметах. У першую чаргу – гэта асколак фаянсавага блюда, у аснову роспісу якога пакладзены сюжэт з міфа пра Лаакаона. На адваротным баку блюда часткова захаваўся надпіс на лацінскай мове, які тлумачыць сцэну. Гэты прадмет належыць да італьянскай маёлікі. У другой чвэрці XVI стагоддзя галоўным цэнтрам вырабу фаянсу становіцца Урбіна, дзе пераважае фігурны жывапіс.
На тэрыторыі замкавага двара знойдзены таксама два асколкі вялікай пасудзіны, зробленай у Паўднёвай Германіі ў XVII стагоддзі. Пакрытая празрыстай салянай глазурай і ўпрыгожаная барэльефам у выглядзе галавы льва, пасудзіна належыць да так званай рэйнскай керамікі.
Такія археалагічныя знаходкі сведчаць аб высокім узроўні дабрабыту жыхароў замка.
На тэрыторыі замкавага двара знойдзены некалькі дзясяткаў гліняных грузілаў. Грузіла – гэта рыбалоўная прылада, якая прымацоўвалася да рыбалоўных сетак і лёскі вуд для апускання іх у ваду.