Анлайн версія аўдыягіда "Лідскі замак"
Вітрына з прадметамі хатняга ўжытку

, lida-zamak.krokam.by

Сярэднія вякі лічацца перыядам росквіту замочнай справы. Рамеснікаў у гэтай сферы шанавалі і паважалі, бо яны стваралі механізмы, якія можна было назваць творам мастацтва.
Навясныя замкі на тэрыторыі Беларусі вядомы з X – XI стагоддзяў. Асновай канструкцыі жалезных навясных замкоў да XVI стагоддзя быў спружынны механізм. Калі ў адтуліну ўстаўлялі ключ, спружына слабела і адпускала дужку.
Відэльцы ў Беларусі ўвайшлі ў шырокі ўжытак не раней за XVI стагоддзе. Спачатку гэта была двухзубая прылада з чаранковай ручкай, якая паўтарала форму вілаў – адсюль і назва. Двухзубыя відэльцы былі важнай прыналежнасцю сталовых і паляўнічых камплектаў. Уласна ж індывідуальныя сталовыя відэльцы ўвайшлі ва ўжытак у Еўропе не пазней за XV стагоддзе: у гэты час яны ўжо вядомыя ў Германіі. У Польшчы відэльцы сустракаюцца з сярэдзіны XV стагоддзя, шырока распаўсюджваюцца ў XVI стагоддзі. Пэўна тое ж адбывалася і ў Беларусі. У кожным разе, у XVII стагоддзі сталовы набор з нажоў і відэльцаў нават у фальварках не быў рэдкасцю.
Найстаражытнейшым сталовым прыборам з’яўляецца нож.
Нашы продкі насілі з сабой так званыя ўніверсальныя нажы ўсё сярэднявечча. Імі карысталіся і падчас выканання рознага роду спраў, і падчас ежы.
У бяззубы край сківіцы каня ўкладваюць цуглі, якія складаюцца з грызла і двух металічных колцаў. Уздзеянне грызла на язык, сківіцу і губы каня дае магчымасць кіраваць ім, запавольваць і спыняць рух.
Ёсць розныя канструкцыі цугляў, але грызла заўсёды складаецца з двух ці трох частак. Інакш конь можа лёгка закусіць цуглі – захапіць іх зубамі, і тады ён перастане падпарадкоўвацца кіраванню. Для перадачы каманд праз цуглі да іх чапляюць лейцы. Яны мацуюцца да колцаў трэнзеля з дапамогай спражак.