Анлайн версія аўдыягіда "Лідскі замак"
Замкавы двор

, lida-zamak.krokam.by

Археалагічныя даследаванні дазваляюць сцвярджаць, што на тэрыторыі замкавага двара, плошча якога амаль тры чвэрці гектара, каля трох сцен (акрамя паўднёвай) знаходзіліся аднапавярховыя драўляныя пабудовы (казармы). Ад іх захаваліся рэшткі падмуркаў і кафляных печаў.
Бліжэй да ўсходняй сцяны размяшчаліся два калодзежы і кузня. Недалёка ад паўночнай сцяны размяшчаўся домік каменданта замка.
Цэнтральны ўваход у замак першапачаткова быў з усходняга боку (малая брама). Археолагамі былі выяўлены ніжнія часткі брамнай аркі, складзеныя з цэглы вялікага памеру, два вялікія камяні ў падмурку аркі брамы, у якіх захаваліся адтуліны для ўтулак створак замкавых варот.
Запасны выхад з замка знаходзіўся з паўднёвага боку. Гэта невялікі паўцыркульны праём на вышыні 4 метраў ад першапачатковага ўзроўню двара. Патрапіць туды можна было толькі з дапамогай доўгай прыстаўной лесвіцы.
У XV стагоддзі ва ўсходняй сцяне былі ўстаноўлены каралеўскія вароты – вялікі ўваход. Уваход размяшчаўся каля паўночна-ўсходняй вежы на вышыні 2,5 метраў. Трапіць у замак праз яго можна было толькі з дапамогай пад’ёмнага моста.
З заходняга боку знаходзяцца вароты, якія былі ўсталяваныя толькі ў 80-я гады XX стагоддзя для праезду грузавых машын з будаўнічымі матэрыяламі. Сёння менавіта гэты ўваход з’яўляецца цэнтральным.